Сачыненне па аповесці Васіля Быкава “Знак бяды”
11 сентября 2024 г., 00:35
У аповесці “Знак бяды” Васіль Быкаў паказвае вайну праз лёсы мірных жыхароў, сялян. Выбар такіх персанажаў невыпадковы, бо вайна больш за ўсё закранула простых людзей, пакінула свой адбітак у іх жыццях і лёсах. Пятрок і Сцепаніда Багацькі – далёкія ад вайсковай справы людзі, якія мараць аб жыцці без страху і няупэ́ўненасці ў за́ўтрашнім дне, аб сустрэчы з дзецьмі і аб мірнай працы на сваёй гаспадарцы. Пятрок і Сцепаніда розныя, але маюць адну рысу, якую яны не перамаглі нават пад страхам смерці – чалавечую годнасць.
Сцепаніда актыўная, сумленная, рашучая, самастойная, здольная супрацьстаяць абставінам. Усё яе жыццё – барацьба за справядлівасць. Яна заўсёды верыла ў перамогу дабрыні над ліхам. Гэтым і вызначаны ўсе яе ўчынкі і асоба. Сцепаніда і да вайны ўмела пастаяць за сябе, спрабавала змагацца за справядлівасць, была чуйнай да чужога гора і перакананай, што на чужым няшчасці сваё шчасце не пабудуеш.
З самага першага дня акупацыі жанчына паўстае супраць фашызму, не жадае мірыцца з тымі парадкамі, якія ўстанавілі ворагі на іх зямлі: “ І яна адчувала, што незалежна ад таго, як яны паставяцца да яе, добрыя адносіны паміж імі наўрад ці магчымы”.
Сцепаніда добра разумее слабасць свайго пратэсту, але змагаецца за сваё жыццё і Радзіму так, як можа: хавае газу, пазбавіўшы фашыстаў святла, доіць карову не ў вядро, а на зямлю, хавае ў лесе парсючка, каб той не дастаўся ворагам, кідае ў калодзеж вінтоўку. А пасля смерці Петрака увогуле больш не баіцца нічога і нікога, вырашае дзейнічаць радыкальна, змагацца да апошняга: купляе ў Карнілы бомбу, каб знішчыць мост. А калі паліцаі даведваюцца пра яе намеры, жанчына, перахаваўшы бомбу, падпальвае хату разам з сабою і загінае.
Пятрок Багацька з самога пачатку твора здаецца цалкам супрацьлеглым Сцепанідзе. Ён ціхі, мяккі, разважлівы, “гэткі, якімі была большасць у Выселках: страхавіты, зважлівы, трохі набожны”. Пісьменнік надзяляе героя жывымі рысамі , характэрнымі для тыповага прадстаўніка сялянства таго часу:«хутчэй аддасць, чым возьме. Лягчэй саступіць, чымсі даб'ецца»
Стрыманы, міралюбны характар Петрака пісьменнік ужо ў пачатку твора паказвае праз размову са Сцепанідай, у якой гучала надзея героя на тое, што, можа, у іх атрымаецца спакойна перачакаць вайну на сваім хутары: «Нічога, як-небудзь... Мы перад імі невінаватыя. А калі з імі па-добраму, дык, можа, і яны... Не з’ядуць, можа...».
Сцепаніда адразу супрацівіцца з’яўленню на іх хутары фашыстаў, а вось Пятрок спачатку абірае больш лёгкі шлях – дагаджаць немцам і паліцаям. Мужчына частуе іх самагонкай, аддае малако, грае на скрыпцы, беспярэчна выконвае ўсе загады, робіць «клазет», возіць пясок на дарогу. Лічыць, што трэба «паводзіць сябе як мага абачлівей і цішэй».
Але, як вядома, немагчыма дагадзіць усім, асабліва ворагам. Пераломны момант у наступіў, калі, шукаючы гарэлку, паліцаі пабілі Сцепаніду, а Пятрака паставілі каля сцяны і палохалі стрэламі. Героц пачынае разумець, што ўсе яго спробы паддобрыцца да ворагаў робяць толькі горш: яны з жонкай церпяць здзекі, іх гаспадарка разбурана, пастушка Янку забілі. Менавіта гэта нешта зрушыла ў душы героя, змяніла яго погляды і на фашыстаў з паліцаямі, і на вайну. Пятрок вырашае, што больш «не дасць ім на сабе ездзіць, як ім захочацца, ён пастаіць за сябе».
Мужчына пачынае адкрыта паказваць сваю нянавісць да фашыстаў, мужна паўстае супраць іх і больш не думае аб тым, што яго чакае і як захаваць сваё жыццё. “Хай смерць, але дома», – вырашае Пятрок. І гіне ён не як ахвяра, а як герой, з перакананнем, што вернецца яго сын Федзька і здзейсніць святую помсту.
Пазіцыя Пятрака мне бліжэй. Як і ён, у такіх цяжкіх абставінах я, напэўна, буду спадзявацца на лепшае, спрабаваць ні ў чым не ўдзельнічаць, перачакаць, "перасядзець" цёмныя часы. Але калі зразумею, што гэта пазіцыя не выратуе мяне і ніяк не дапаможа, пачну змагацца, як гэта і зрабіў Пятрок.
Сцепаніду і Петрака можна назваць мужнымі героямі. Яны, нягледзячы ні на што, не страцілі сваёй чалавечай годнасці, сумлення, сілы духу, не сталі прыстасаванцамі і здраднікамі, не пашкадавалі для Радзімы самага дарагога, што ў іх было, – свайго жыцця.