"Ці патрэбны беларускія кнігі сучаснаму чалавеку?" Сачыненне
11 сентября 2024 г., 00:53
Цяперашні свет хутка змяняецца. Мы ствараем новыя тэхналогіі, развіваем навуку, мастацтва, бытавыя вобласці жыцця. Адным словам, хутка рухаемся наперад. Нельга сказаць, што гэта дрэнна, бо сучасныя тэхналогіі значна спрашчаюць працу, але не жыццё. Мы пачынаем менш заўважаць прыгажосць асяроддзя, больш не здзіўляемся таму, у які незвычайны колер восень пафарбавала лісце, як лагодна спяваюць птушкі вясной, як прыгожа выглядаюць заснежаныя дрэвы і будынкі ўзімку. Максім Танк сцвярджаў , што “чалавек памірае, калі страчвае здольнасць здзіўляцца і захапляцца жыццём”. Я згодна з гэтым выказваннем, бо калі чалавек развучыўся звяртаць увагу на нязначныя рэчы, ён больш не можа атрымліваць задавальненне ад жыцця і захапляцца ім, колькі б не меў грошай або наколькі б зручным не было яго жыццё дзякуючы тэхналогіям.
Людзям, якія страцілі задавальненне ад жыцця, раяць менш часу праводзіць у віртуальным свеце і часцей звяртаць увагу на наваколле. Усе ведаюць, што ў нашых продкаў не было тэлефонаў, сацыяльных сетак, пошукавых сістэм, але яны таксама рухаліся наперад, чымсьці цікавіліся, развіваліся. Як яны гэта рабілі? Чыталі кнігі.
З дапамогай добрай гісторыі можна хутка адцягнуцца ад прыгнятальных думак, лепш зразумець свет і атачальных людзей. Але кнігі патрэбны не толькі для забаўкі. Чытанне папаўняе слоўнікавы запас, пашырае далягляд, паляпшае пісьменнасць, развівае ўяўленне і крытычнае мысленне, трэнеруе ўвагу і памяць, паляпшае сон. Не проста так Францыск Скарына гаворыў: «Любіце кнігу, бо яна – крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы».
Але чаму менавіта беларускія кнігі патрэбны чалавеку? Беларуская літаратура зрабіла вялікі ўнёсак у прызнанне беларускай нацыі. Менавіта дзякуючы такім аўтарам як Адам Міцкевіч, Францішак Багушэвіч, Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас і іншым беларусы могуць клікацца так. Чытанне беларускай літаратуры, бясспрэчна, патрэбна кожнаму чалавеку, які лічыць сябе беларусам. Яно развівае патрыятызм, дае дакладнае ўяўленне пра мінулае беларускай нацыі і трагедыі ў гісторыі нашай краіны. Напрыклад, у творы Янкі Купалы «Раскіданае гняздо», падзеі якога разгортваюцца падчас рэвалюцыі 1905 года, аўтар асэнсаваў сямейную трагедыю як агульнанародную і паказаў цяжкі шлях беларускага сялянства ў пошуках страчанай радзімы, зямлі і волі.
Вялікая Айчынная вайна зрабіла моцны ўплыў на беларускую літаратуру. Дзякуючы дзясяткам нашых аўтараў увесь свет даведаўся пра зверствы нацыстаў. «Знак бяды», «Жураўліны крык», «Трэцяя ракета» — усе гэтыя творы могуць быць цяжкімі для чытання звычайнаму чалавеку, але я лічу, што іх варта прачытаць кожнаму.
Думаю, што калі размова ідзе пра беларускую літаратуру, нельга не ўспомніць таленавітага аўтара Алеся Разанава. Менавіта ён увёў у беларускую літаратуру новыя жанры і формы вершаў. Такім чынам, пісьменнік не толькі захаваў нашу культуру, а развіў яе. Менавіта рукой Алеся Разанава была напісана знакамітая монастрафа: «Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор –мова». Гэта форма таксама новая для беларускай літаратуры. Хоць зусім невялікая, але змяшчае ў сабе вялікі сэнс.
На жаль, часам людзі забываюцца, што маральна-этычныя каштоўнасці – гэта аснова развітога грамадства. Чалавек павінен заставацца чалавекам у любых абставінах. А дабрыню, чуласць, спагадлівасць і шчырасць немагчыма купіць, іх можна толькі выхаваць у сабе. І гэтыя якасці можна добра развіць разам з любоўю да роднага краю.
Варта звярнуцца да творчасці беларускага пісьменніка Ніла Гілевіча. Тэма Радзімы – адна з галоўных у яго у творчасці. Вершы гэтага аўтара напоўнены любоўю да сваёй роднай зямлі і мовы. Гэта моцна адчуваецца ў вершы “Паклон табе, мой беларускі краю”:
Паклон табе, мой беларускі краю!
Ты — мой, я — твой: ад роду і навек.
Падводзячы вынік, можна сказаць, што роля кнігі ў жыцці чалавека проста велізарная і наўрад ці калісьці можа быць пераацэнена. А беларуская кніга пранесла праз стагоддзі гісторыю і традыцыі нашай нацыі, дапамагла вызначыць ідэнтычнасць беларускага народа . магчыма, без беларускай літаратуры і не было б тых беларусаў, якіх мы ведаем зараз. не было б ані мовы, ані культуры, ані нацыі. Таму можна зрабіць вынік, што кожнаму чалавеку патрэбна беларуская кніга